РУС БЕЛ ENG

Патрабаванні да экзамену па беларускай мове (пераказу)

На напісанне пераказу адводзіцца 4 гадзіны. У якасці экзаменацыйнага пераказу праводзіцца падрабязны пераказ. Устанаўліваецца прыкладны аб’ём – 240-350 слоў.

Экзаменацыйная работа вучняў выпускнога класа выконваецца на асобных лістах са штампам школы і афармляецца наступным чынам:

Экзаменацыйная работа (пераказ)

па беларускай мове

вучаніцы 9 класа

Крукоўскай Кацярыны Мікалаеўны

Назва школы не ўказваецца, бо яна абазначаецца на штампе. На другой старонцы пішацца тэма пераказу (без слова “тэма”). У двукоссе назва тэмы бярэцца толькі тады, калі яна з’яўляецца цытатай і пры ёй дадзена прозвішча аўтара.

Усе экзаменацыйныя работы за курс сярэдняй школы правяраюцца і падпісваюцца настаўнікам дадзенага прадмета і двума членамі камісіі, а затым праглядаюцца і падпісваюцца старшынёй экзаменацыйнай камісіі.

Пераказ зачытваецца настаўнікам па прадмеце 2 разы. Другі раз настаўнік чытае хвілін праз 15 пасля першага разу.

Як трэба рыхтавацца да пераказу:

  1. Уважліва праслухайце тэкст; вызначце сэнс незразумелых слоў.
  2. Вызначце, да якога тыпу мовы адносіцца тэкст.
  3. Сфармулюйце тэму і асноўную думку тэксту.
  4. Падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі і складзіце план.
  5. Падзяліце тэкст на кампазіцыйныя часткі.
  6. Вызначце стыль тэксту. Пастарайцеся запомніць хаця б некаторыя асаблівасці мовы твора і захавайце і х у пераказе.
  7. Паслухайце тэкст зноў.
  8. Напішыце першы варыянт (чарнавік) пераказу, затым пасля праверкі і выпраўленняў перапішыце яго.

Складанне плана займае асаблівае месца пры напісанні пераказу. Праца над планам-гэта і самастойная моўная дзейнасць, і сродак асэнсавання, запамінання тэксту і арганізацыі яго ўзнаўлення. Складанне плана прадугледзвае выкананне наступных інтэлектуальных дзянняў: падзел тэксту на сэнсавыя часткі (падтэмы, мікратэмы), вызначэнне тэмы і галоўнай думкі кожнай часткі, слоўную фармулёўку кожнага пункта плана, суаднесенасць плана і зыходнага тэксту.

У час падрыхтоўкі да пераказу можа быць выкарыстаны і такі прыём, як складане рабочых матэрыялаў. Імі з’яўляюцца некаторыя накіды, асабліва значныя пры раскрыцці агульнай задачы выказвання.

У рабочых матэрыялах могуць фіксавацца як словы з зыходнага тэксту, так і моўныя сродкі, якіх няма ў тэксце, але яны спатрэбяцца ў пераказе, напрыклад: абагульняльныя словы; словы, патрэбныя для сувязі чатак тэксту.

Рабочыя тэксты-гэта будаўнічы матэрыял для стварэння свайго тэксту; выкарыстоўваць іх неабходна творча, улічваючы камунікатыўную задачу і асноўную думку будучага выказвання.

Пры падрыхтоўцы да пераказу выкарыстоўваецца і такі прыём, як рэдагаванне. Ён накіраваны на паляпшэнне, удасканаленне, выпраўленне ўжо напісанага тэксту, а таксама мае на мэце папярэдзіць магчымыя моўныя пралікі пры ўзнаўленні ўзорнага тэксту.

Пераказ ацэньваецца не адной, а дзвюма адзнакамі: першай ацэньваецца змест і моўнае афармленне, другой-арфаграфічныя, пунктуацыйныя і граматычныя памылкі.

Адзнакі за пісьмовую работу паведамляюцца вучням не пазней чым за 1 дзень да правядзення наступнага выпускнога экзамену.

Падагульняючыя адзнакі «10» (вельмі выдатна) і «9» (выдатна) могуць быць выстаўлены, калі вучань на экзамене атрымаў адпаведна адзнакі «10» (вельмі выдатна) і «9» (выдатна).

Калі станоўчая гадавая адзнака ніжэй за экзаменацыйную, падагульняючая адзнака можа быць выстаўлена на ўзроўні экзаменацыйнай. У выпадку, калі станоўчая экзаменацыйная адзнака ніжэй гадавой, экзаменацыйная камісія можа выставіць падагульняючую адзнаку на ўзроўні экзаменацыйнай або гадавой. Пры экзаменацыйнай нездавальняючай адзнацы не можа быць выстаўлена станоўчая падагульняючая адзнака.

У выпадку рознаголоссяў паміж членамі экзаменацыйнай камісіі ў ацэнцы пісьмовай работы, а таксама пры выстаўленні падагульняючай адзнакі пытанне вырашаецца большасцю галасоў з абавязковым запісам у пратакол меркавання членаў камісіі, якія не згодны з выстаўленнем адзнакі. Пры роўнай калькасці галасоў перавага аддаецца прапанове  на карысць вучня.

Экзаменацыйныя, падагульняючыя і гадавыя адзнакі па вучэбных прадметах, якія ўключаюцца ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукаціі, пераглядаць не дазваляецца.