РУС БЕЛ ENG

Сучасная беларуская проза

І.Прыгадайце творы сучаснай беларускай прозы, якія вы чыталі раней, у папярэдніх класах, назавіце іх аўтараў: 1. “Жураўліны крык” __; 2) Жуль Верн” __; 3) “Страта”__; 4) “Цітаўкі” __; 5) Меч князя Вячкі” __; 6) Алені” __; 7) Дзяльба кабанчыка” __; 8) “Стары бабёр” __; 9) “Незагойная рана” __; 10) “Губаты”__.

Варыянты адказаў: а) Алесь Жук; б) Іван Пташнікаў; в) Васіль Быкаў; г) Іван Навуменка; д) Віктар Карамазаў; е) Леанід Дайнека; ё) Анатоль Кудравец; ж) Генрых Далідовіч.

 

2.Суаднясіце цытаты з творамі сучаснай беларускай літаратуры, якія вывучаліся ў папярэдніх (5-8)  класах:

 1) “Ноччу, калі ўжо ўзышоў вялізны месяц, Ірку знайшоў тата. Ён прыйшоў у Старыя Вольхі па следзе, пазнаў лыжы. Ірка была жывая. Прынёсшы перад сабой дадому, ён доўга адціраў яе снегам. Усю ноч Ірка кідалася спрасоння – гарачая, не падступіцца, – клікала сваіх аленяў____;

2) “..Сцяпану было балюча глядзець, як маці раскідвае свайго кабана. Гадавала-гадавала, а што з’есць? Яшчэ заўважыў белы, заматаны ў анучку палец, падобны на белую каціную лапку. Парэзала, ці што? Учора не было гэтай анучкі. Сёння паспела? І плямка чырвоная – кроў. Відаць, моцна парэзала. Запякло на душы, як убачыў кроў на белай анучцы”____;

 3) “ – Добра вы робіце, дзеці, і нядобра... – зморшчыўся, нарэшце азваўся ён. – Хораша і люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер і павінен жыць у лесе. Там яго дом. Пасцель, яда, воля. Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаюць людзі. Гора бывае, бяда. Я ж ведаю”____;

4) “Хлопец ачнуўся, калі на пагорак абапал дарогі выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсё наваколле і да самага споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец ____;

5) “Часамі, калі мне бывае нялёгка на душы, калі мне нехта зробіць прыкрасць ці калі я сам ашукаюся альбо зраблю ганебны ўчынак, я думаю: жыў бы Міця, дык ён памог бы мне лепш ва ўсім разабрацца ____;

6) Другую сядміцу быў Вячка ў Рызе. На Вялікдзень Альберт шчодра частаваў кукенойскага князя. Праз дзень да Вячкі прыводзілі дачку, але толькі на некалькі імгненняў і адразу зноў жа забіралі ў манастыр. Часцей сустракаўся з князем Генрых. Прыходзіў, шнураваў няспынна па пакоі, гаварыў пра любоў да бліжняга, пра вялікія міласці, якімі асыпае Бог сваіх верных сыноў. Вячка маўчаў.____;

7) “Яна ўжо не магла ісці адгэтуль, учапілася рукамі ў халодныя штыкеціны, і з глыбіні яе жарам гарэўшых грудзей вырвалася страшнае пытанне: “Сыночак мой, дзе ж ты?” Чарнела неба ад хмар, шумеў голым веццем узлесак, стыла далячынь. Доўга яшчэ ляцела на ветры тое яе запытанне, і нема крычала матчына сэрца ад нясцерпнае раны вайны” ____;

8) “Старасту” – абструганую яловую палку з накарэлым на ёй цестам (мусіць, нехта мяшаў свінням і коням) – да Папялішыных прынёс стары Цурусь. Папялішыных якраз не было дома: на дзвярах вісеў замок – жалезнае конскае пута. Стары Цурусь пастаяў каля парога, аддыхаўся, паставіў палку каля вушака і пасунуўся дадому. Стараста, пасля таго як партызаны застрэлілі Івана Якімчыка, ішоў па вёсцы радоўкаю. Сёння адбыла адна хата за старасту, заўтра другая. На трэцім тыдні чарга дайшла да Папялішынай Марылі” ____;

9) “Я закончыў той самы геаграфічны факультэт, на якім гадоў на дванаццаць раней вучыўся Антон Антонавіч. Ведаю цяпер дасканала, што занадта вандраваць яму не прыйшлося. Як і ўсе студэнты, з’ездзіў ён на Урал, Каўказ, і ўсё. Але і Жуль Верн таксама многа не ездзіў. І быў падарожнікам” ____;

10) “Кастусь не чуў, як Валік паклаў яму ў кішэню дзве вялікія  мяккія цітаўкі – з тых, што не паспелі пагубляць, уцякаючы, не заўважыў, як яны абодва – і Валік, і Мішка – зніклі. Перад вачыма ў яго стаяў дзед Агей і яго незразумелая ўсмешка. Чаго ён усміхаўся? У кіно ў той вечар Кастусь не пайшоў” ____.

Варыянты адказаў: а) “Жураўліны крык”; б) “Цітаўкі”; в) “Губаты”; г) “Алені”; д) “Меч вялікага князя Вячкі”; е) “Незагойная рана”; ё) “Дзяльба кабанчыка”; ж) “Салодкія яблыкі”; з) “Жуль Верн”; і) “Страта” .

 

3.Назавіце аўтараў вышэйпрыведзеных цытат (у другім заданні): а) Генрых Далідовіч; б) Іван Пташнікаў; в) Васіль Быкаў; г) Вячаслаў Адамчык; д) Іван Навуменка; е) Віктар Карамазаў; ё) Леанід Дайнека; ж) Анатоль Кудравец.

 

4.Суаднясіце творы сучаснай беларускай прозы з іх тэматыкй і праблематыкай: 1) І.Шамякін. “Злая зорка” __; 2) В.Быкаў. “Знак бяды”, “У тумане”__; 3) Л.Дайнека. “Меч князя Вячкі”__; 4) Б.Сачанка. “Родны кут”, Л.Левановіч. “Палыновы вецер”__; 5) А.Жук. “Праклятая любоў”, А.Казлоў. “Незламаная свечка”__; 6) Г.Далідовіч. “Заходнікі”__; 7) В.Быкаў. “Сцюжа”, І .Навуменка. “Вір”__; 8) А.Адамовіч. “Нямко”, І.Чыгрынаў. “Вяртанне да віны”__; 9) Я.Сіпакоў. “Кулак”__; 10) В.Казько. “Хроніка дзетдомаўскага саду”, В.Карамазаў. “Бежанцы”, А.Савіцкі. “Пісьмо ў рай”__.

Варыянты адказаў: а) сацыяльная і маральна-філасофская праблема; б) чарнобыльская тэма; в) лёс народа ў былой Заходняй Беларусі; г) тэма вайны; д) тэма гістарычнага мінулага; е) адлюстраванне падзей даваеннага савецкага часу.

 

5.Назавіце аўтараў наступных твораў: 1) раман “Пушча”__; 2) аповесць “Крыж на зямлі і поўня ў небе”__; 3) раман “Алімпіяда”__; 4) апавяданне “Пагоня” __; 5) апавяданне “Тры пуды жыта” __; 6) аповесць “Суд у Слабадзе” __; 7) раман “Мсціжы” __; 8) раман “Неруш” __; 9) аповесці “Тартак”, “Найдорф” __; 10)  апавяданне “Францужанкі” __.

Варыянты адказаў: а) Іван Пташнікаў; б) Віктар Казько; в) Віктар Карамазаў.

 

6.Суаднясіце празаічныя творы з іх тэматыкай і праблематыкай: 1) раман “Пушча”__; 2) аповесць “Крыж на зямлі і поўня ў небе”__; 3) раман “Алімпіяда”__; 4) апавяданне “Пагоня” __; 5) апавяданне “Тры пуды жыта” __; 6) аповесць “Суд у Слабадзе” __; 7) раман “Мсціжы” __; 8) раман “Неруш” __; 9) аповесці “Тартак”, “Найдорф” __; 10)  апавяданне “Францужанкі” __.

Варыянты адказаў: а) тэма вёскі; б) ваенная тэма; в) праблема чалавека і прыроды; г) тэма дзяцінства; д) драматычныя падзеі народнага жыцця, звязаныя з неабгрунтаванымі рэпрэсіямі; е) тэма мастака і мастацтва.

  

поделиться в: