РУС БЕЛ ENG

Кантрольная тэставая работа

Варыянт 1

А1. Адзначце нумары словазлучэнняў.

  1. стары лес;
  2. каля лесу;
  3. ісці лесам;
  4. елкі і хвоі;
  5. шумяць верхавіны.

А2. Адзначце нумары правільных сцвярджэнняў.

1) Кампаненты словазлучэння звязаны падпарадкавальнай сувяззю.

2) Словазлучэнне — гэта сінтаксічная адзінка, якая складаецца з двух ці больш слоў.

3) Словазлучэнне, у адрозненне ад слова, называе прадмет, прымету дзеяння больш канкрэтна і дакладна.

4) У адпаведнасці з марфалагічным выражэннем галоўнага слова словазлучэнні падзяляюцца на дзеяслоўныя, іменныя, прыназоўнікавыя.

5) Дапасаванне — спосаб сувязі, пры якім залежнае слова ставіцца ў тых жа граматычных формах, што і галоўнае.

АЗ. Адзначце нумары іменных словазлучэнняў.

  1. стомлены чалавек;    
  2. вельмі стаміцца;       
  3. чырвоны. ад марозу;
  4. нечакана для ўсіх;
  5. ісці па дарозе.

А4. Адзначце нумары словазлучэнняў, у якіх словы звязаны сувяззю дапасавання.

  1. шчырыя словы;         
  2. чацвёрты паверх;     
  3. вельмі хутка;
  4. нашы магчымасці;
  5. словы ўдзячнасці.

А5. Адзначце нумары простых сказаў.

  1. Ля берага, у вялікай палонцы, гайдалася дашчаная лодка, пашпакляваная і прасмоленая.
  2. Днём была пагода, ярка свяціла нізкае чырвонае сонца.
  3. На дварэ толькі шапацеў па саламянай страсе, булькатаў па нябачных лужынах дождж.
  4. Палянкі зноў змяніліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным.
  5. Дождж перастаў, але дзьме моцны вецер.

А6. Выберыце правільнае сцвярджэнне (сцвярджэнні).

  1. Простым называецца сказ, у якім адна граматычная аснова.
  2. Простым называецца сказ, граматычная аснова якога складаецца з аднаго галоўнага члена — дзейніка або выказніка.
  3. Развітым называецца сказ, які мае дзве і больш граматычныя асновы.

А7. Якая характарыстыка з'яўляецца правільнай у адносінах да сказа «Адразу за вёскай поле»! Адзначце нумар правільнага адказу.

  1. аднасастаўны, развіты;
  2. аднасастаўны, неразвіты;
  3. двухсастаўны, развіты;
  4. двухсастаўны, неразвіты.

А8. Адзначце сказы з састаўным дзеяслоўным выказнікам.

  1. Хутка тут будуць бялець рамонкі.
  2. Я хацеў бы пабываць у Белавежскай пушчы.
  3. Салаўі ў цёмным лесе пяюць аб шчасці і тузе.
  4. Лес стаяў спакойны і нахмураны.
  5. Душа і голас мой у вершах застануцца жыць.

А9. Адзначце сказы, у якіх паміж дзейнікам і выказнікам (на месцы пропуску) трэба паставіць працяжнік.

  1. Без птушак лес _ сірата.
  2. Пра ўсё даведацца і ўсё ўбачыць_вось мая мара.
  3. Вочы  быццам зоркі.
  4. Плошча поля _ тры гектары.
  5. Кот мышы_не таварыш.

А10. Адзначце аднасастаўныя сказы.

1) На гонары далёка не паедзеш.
2) 3 забыцця вывела мяне трывожнае вухканне балотнага бугая.
3) У расчыненыя дзверы плыла вільготная свежасць.
4) Сяджу на беразе і лаўлю рыбу.
5) Вось і прытулак.

В1.  Закончыце фармулёўку.

Даданы член сказа, які абазначае аб'ект і адказвае на пытанні ўскосных склонаў, — гэта...

В2.  Знайдзіце граматычную аснову і выпішыце яе.

Не тужы ты, Шмак, адзінока па красуні Прыпяці шырокай.

В3.  Устанавіце адпаведнасць паміж выдзеленымі словамі і іх сінтаксічнай роляй у сказе. Адказ запішыце. Напрыклад: АЗБ2В4Г1.

А) Маладосць — краса людзей, найлепшы час.

Б) Мы сагрэем планету сваімі рукамі, каб наступнікам нашым паднесці яе ў дар.

В) Добры гаспадар Міхась.

Г) Сняцца рэкі і горы перадвячэрняй парой і світальныя зоры над любімай зямлёй.

  1. Дзейнік. Дапаўненне.
  2. Азначэнне. Выказнік.
  3. Акалічнасць.

В4.  Знайдзіце безасабовы сказ і выпішыце яго граматычную аснову.

  1. Успамінаеш шчымлівае, да болю далёкае маленства і такімі маладымі і светлымі бачыш абліччы родных і блізкіх, настаўнікаў, сяброў.
  2. Розуму грашыма не заменіш.
  3. Халодная, усеўладная і бясконцая бель.
  4. Праўды не схаваеш.
  5. У лесе не чуваць нават подыху ветру.

В5.  Устанавіце адпаведнасць паміж сказам і яго тыпам. Адказ запішыце (узор — заданне ВЗ).

А) Тут, дзе бяроза, заўсёды пануе цішыня глыбокага смутку па навекі супакоеным маладым сэрцы.

Б) Востра тады пахла гаркаватай лазой, талым снегам, вільготным халадком.

В) Залатым лесам называлі гэтую мясціну.

Г) Суджанага і канём не аб'едзеш.

  1. Няпэўна-асабовы. 
  2. Пэўна-асабовы. 
  3. Двухсастаўны.
  4. Безасабовы.
  5. Абагульнена-асабовы.

 

Варыянт 2

 

А1. Адзначце нумары словазлучэнняў.

  1. лісце падае; 
  2. падае долу;  
  3. бярозы і клёны;
  4. першыя прыкметы восені;
  5. пад дрэвамі.

А2. Адзначце нумары правільных сцвярджэнняў

1) Кампаненты словазлучэння звязаны злучальнай сувяззю.

2) Словазлучэнне — гэта сінтаксічная адзінка, якая складаецца з двух ці больш самастойных слоў, аб'яднаных граматычна і сэнсава.

3) Не з'яўляюцца словазлучэннем спалучэнне дзейніка і выказніка, бо яно выражае закончаную думку.
4) У адпаведнасці з марфалагічным выражэннем галоўнага слова словазлучэнні падзяляюцца на іменныя, прыслоўныя і лічэбнікавыя.
5) Кіраванне — способ сувязі, пры якім залежнае слова ставіцца ва ўскосным склоне, якога патрабуе галоўнае.

АЗ. Адзначце нумары дзеяслоўных словазлучэнняў.

  1. пабеленыя сцены;  
  2. напісаць сачыненне;  
  3. хутка вярнуцца;
  4. спяваючы песню;
  5. хуткая хадзьба.

А4. Адзначце нумары словазлучэнняў, у якіх словы звязаны сувяззю прымыкання.

  1. паважаць бацькоў; 
  2. робячы справу; 
  3. жаданне выспацца;
  4. пісаць старанна;
  5. ісці не спяшаючыся.

А5. Адзначце нумары простых сказаў.

  1. Вятры падзьмулі з паўночнага захаду, а потым перамяніліся на ўсход і запыніліся там на доўгі час.
  2. Прывольныя лугі вабяць нас сваім раздоллем, прыгажосцю, стракатасцю колераў і разнастайнасцю пахаў.
  3. У траве дзе-нідзе валяліся дробныя трэскі і жаўцела пілавінне.
  4. То цёмная вада шапоча пад вербамі, то перуны рвуць цяжкую алавяную хмару.
  5. Ногі то слізгалі. па голым абледзянелым каменні, то ў горных упадзінах грузлі па калена ў снезе.

А6. Выберыце правільнае сцвярджэнне (сцвярджэнні).

  1. Простым называецца сказ, які складаецца толькі з галоўных членаў сказа.
  2. Развітым называецца сказ, у якім, акрамя дзейніка і выказніка, ёсць залежныя ад іх даданыя члены сказа.
  3. Развітым называецца сказ, у якім ёсць аднародныя члены.

А7. Якая характарыстыка з'яўляецца правільнай у адносінах да сказа «Раніца цёплая, сонечная»! Адзначце нумар правільнага адказу.

  1. аднасастаўны, развіты;
  2. аднасастаўны, неразвіты;
  3. двухсастаўны, развіты;
  4. двухсастаўны. неразвіты.

А8. Адзначце сказы з састаўным іменным выказнікам.

1) Сонечным і белым здаваўся горад у тое ранне.
2) Яшчэ доўга на ўсіх раздарожжах між чужых, незнаёмых людзей буду я табе сэрца трывожыць.
3) Мы тыя сінія арэлі зламаць нікому не далі б.
4) I стала горнаю дарогай сцяжынка вузкая мая.
5) Вада ў возеры на дзіва чыстая і светлая.

А9. Адзначце сказы, у якіх паміж дзейнікам і выказнікам (на месцы пропуску) трэба паставіць працяжнік.

1) Маўленчая культура чалавека __гэта люстэрка яго духоўнага жыцця.
2) Найвялікшая асалода _ марыць.
3) Лункі на возеры як вокны ў казачнае падводнае царства.
4) Я не з баязлівага дзясятка.
5) Пяць і тры восем.

А10. Адзначце аднасастаўныя сказы.

  1. На сэрцы ўсё яшчэ трывожна,
  2. Не засыналася, не спалася болып.
  3. Бераг у копані круты.
  4. Ту т заўсёды табе дапамогуць.
  5. Чырвоным пажарам рабін гарыць асенні лес.

В1.  Закончыце фармулёўку.

Даданы член сказа, які паказвае на прымету, якасць ці ўласцівасць прадмета і адказвае на пытанні я к і? ч ы й?, — гэта...

В2.  Знайдзіце ў сказе граматычную аснову і выпішыце яе.

Тонкая гэта і складаная мудрасць — ведаць законы прыроды, яе норавы.

В3.  Устанавіце адпаведнасць паміж выдзеленымі словамі і іх сінтаксічнай роляй у сказе. Адказ залішыце. Напрыклад: АЗБ5В1Г4.

А) Мора дыхала па-ранейшаму цеплынёй, радасцю, шчасцем, летам.

Б) Ноч сыпанула ў вокны зорак майскіх.

В) Відзён той дуб з усіх дарог з галінамі пустымі.

Г) Нядаўна тут жаўцела, святкуючы свой час, лагоднае бабіна лета.

  1. Дзейнік. Дапаўненне.
  2. Азначэнне. Выказнік.
  3. Акалічнасць.

В4.  Знайдзіце абагульнена-асабовы сказ і выпішыце яго граматычную аснову.

  1. Незадоўга перад вечарам сабралася на дождж.
  2. Як добра ў чэрвені ў жытным!
  3. Ад дабра дабра не шукаюць.
  4. Найбольш чуваць пчол.
  5. Старасць нікога не красіць.

В5. Устанавіце адпаведнасць паміж сказам і яго тыпам. Адказ запішыце (узор — заданне ВЗ).

А) На драўляных падстаўках рознае засушанае лісце.

Б) Над возерам няма ні чаек, ні ластавак.

В) Пра гэту падзею шмат пісалі ў газетах.

Г) Вось і адмыслова зробленая брама.

  1. Няпэўна-асабовы. 
  2. Пэўна-асабовы. 
  3. Двухсастаўны.
  4. Безасабовы.
  5. Абагульнена-асабовы. 
  6. Назыўны.
поделиться в: